Агурочнік (расліна)

Гэтая шматгадовая травяністая расліна, густа пакрытая шорсткімі валаскамі, робіць уражанне злоснага пустазелля. Ад гэтых валаскоў паходзіць яе навуковая лацінская назва — Borago offіcіnalіs, бо burra на лаціне — «шорсткія валасы» або «шчацінне». Часам па-беларуску або па-руску яе называюць «бурачнік», хоць з буракамі яна не мае нічога агульнага, гэта толькі трошкі перайначаная навуковая назва. А найбольш пашыраная назва — агурочнік, агурочная трава. Ад лісця ідзе даволі моцны водар агурка, ды і смакам гэтая расліна нагадвае агурок з ноткамі цыбулі.

Радзімай агурочніку лічыцца Сірыя, адкуль ён паступова распаўсюдзіўся па ўсёй былой Рымскай Імперыі, а потым ледзь не па ўсёй Еўразіі, апроч самых халодных рэгіёнаў. Сок і салаты з лісця паляпшаюць дзейнасць сэрца, нармалізуюць абмен рэчываў, надаюць бадзёрасць, аказваюць супрацьзапаленчае дзеянне на арганізм. Таму агурочнік меў рэпутацыю танізуючага сродку, які нібыта ўздымае настрой, паляпшае ўвагу і г.д.

Рымскім легіянерам давалі настой агурочніку перад вырашальнымі бітвамі як своеасаблівы «эліксір мужнасці», і гэтае ўяўленне глыбока пранікла ў заходнюю культуру, паспрыяўшы значнаму пашырэнню пачатковага арэала.

Шмат стагоддзяў таму трапіў агурочнік і ў Рэч Паспалітую, дзе яго выкарыстоўвалі, апроч салату, пры марынаванні агуркоў. А ўвогуле спосабаў выкарыстання расліны ў кулінарыі ёсць процьма.

Вялікае, моцна зморшчанае лісце (часам і кветкі) агурочніку ўжываюць у веснавых салатах (у Германіі такія салаты звычайна гатуюць з кропам, а таксама робяць з агурочніку адмысловы «зялёны соус». У Францыі і Італіі яго дадаюць у тушаныя стравы і вараць супы. Сцябло, ачышчанае ад скуркі, адварваюць як гародніну, праціраюць на пюрэ, якое падаюць як гарнір да рыбы ці мяса). У Брытаніі і Паўночнай Амерыцы лісце выкарыстоўваецца як інгрэдыент прахаладжальных напояў і алкагольных кактэйляў (часта ў спалучэнні з мятай). А таксама дадаюць у некаторыя гатункі джыну. У Кітаі з лісцем агурочніку гатуюць страву накшталт галубцоў або далмы. І гэта толькі сціслы, далёка няпоўны пералік гастранамічных магчымасцяў агурочніку.

Таксама агурочнік — выдатны меданос, а яшчэ — надзвычай карысны «кампаньён» для бульбы і памідораў, бо многія шкоднікі гэтых раслін, у тым ліку каларадскі жук, не выносяць паху агурочніку.

У сучаснай медыцыне гэтая расліна выкарыстоўваецца пры лячэнні бранхіту, прастуды, запаленняў унутраных органаў (у прыватнасці, нырак) рэўматычных захворванняў. Найбольшае выкарыстанне знайшоў алей з насення агурочніку — адзін з рэкардсменаў сярод раслінных экстрактаў па колькасці поліненасычаных тлустых кіслот, у прыватнасці «Амега-3» і «Амега-6». Яго ўжываюць у мэтах прафілактыкі і дапаможнай тэрапіі атэрасклерозу і дзеля стымулявання работы наднырачнікаў, асабліва пасля сур’ёзных стрэсавых сітуацый або прыёму стэроідных гармонаў. Нават антычная вера ў «эліксір мужнасці» ў пэўнай ступені знайшла навуковае пацвярджэнне: алей з насення агурочніку спрыяе выпрацоўцы бэта-эндарфінаў у галаўным мозгу, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на агульны настрой і эмацыйны стан. 

Даўней у Беларусі агурочнік выкарыстоўваўся ў ежу значна шырэй, чым сёння. Вядомы этнограф Міхал Федароўскі занатаваў, што ў канцы ХІХ стагоддзя на захадзе Беларусі вельмі любілі веснавую салату з лісця агурочніку, прыпраўленую зялёнай цыбуляй, соллю і смятанай. Такая страва і, адпаведна, культываванне агурочніку ў гародах некалі былі асабліва распаўсюджаныя ў ваколіцах Слоніма, таму калі б там сёння задаліся мэтай адрадзіць дакументальна пацверджаныя рэгіянальныя стравы, дык трэба было б звярнуць увагу і на гэтае сведчанне Федароўскага.

Агурочнік (расліна)

Каментары