Для гасцей тут маецца чатыры пакоі. На сядзібе – свая гаспадарка і агарод, якія і “кормяць” гасцей. Часам гаспадары возяць турыстаў на экскурсіі ў Полацк і Расоны. Тут можна пазбіраць зёлак, як рабіла яшчэ бабуля гаспадыні, і папіць адмысловай гарбаты. Можна сабраць зёлкі, а таксама ягады ды грыбы самому – гаспадыня дапаможа.
У Хораняў тры каровы, і госці могуць убачыць, як у сырнай хатцы робіцца сапраўдны цвёрды сыр па галандскай тэхналогіі – накшталт "Гаўды".
Тата гаспадыні ўмее плесці кашы, і іх можна альбо набыць разам з варэннем з лясных ягад ці гарбаткай, альбо навучыцца рабіць самому.
Кормяць на сядзібе проста, натуральна і па сезоне: поліўка з сушанымі грыбамі, боршч і іншыя супы, капуста квашаная, шчаўе ды халаднікі, стравы з мясам накшталт камоў ды "мядзведзяў". Летам гатуюць больш страваў з ягадамі.
Каментары