Склад:
● сушаны на саломе карась (1–2 шт.),
● хатняя сушаная каўбаса (250–300 г),
● салёнае ўнутранае сала (100 г),
● цыбуля (2 шт. сярэдняга памеру),
● бульба (колькі змесціцца ў чыгунок),
● часнок (1 галоўка),
● пучок зеляніны кропу.
Гатаванне
Бульбу (лепш браць сярэдніх памераў, калі буйная – разрэзаць уздоўж на 4 часткі) абабраць і памыць. Каўбасу нарэзаць кавалачкамі па колькасці едакоў. Цыбулю пачысціць.
На дно чыгуна выкласці пласт бульбы, затым пакласці рыбу (цэлую), каўбасу, цыбулю і ўнутранае сала. Зверху пакласці астатнюю бульбу і заліць вадой. Паставіць на агонь і варыць да гатоўнасці бульбы. Саліць, пярчыць і дадаваць прыправы не трэба!
Пакуль бульба варыцца, неабходна падрыхтаваць посуд для падачы стравы. Нам спатрэбіцца неадбелены льняны ручнік (або кавалак палатна) і вялікая глыбокая міска для юшкі.
Калі бульба зварыцца, булён выліваюць у падрыхтаваную міску, у якую загадзя паклалі дробна нарэзаны часнок і кроп. Пасля таго, як булён злілі, чыгунок з бульбай неабходна адкрытым паставіць на агонь яшчэ на 5 хвілін, каб выпарылася лішняя вільгаць. Потым усё змесціва чыгунка акуратна высыпаеюць на разасланы на стале ручнік.
Есці бульбу прынята рукамі, запіваючы булёнам, які бярэцца лыжкай з агульнай міскі.
Гісторыя рэцэпта:
Карані гэтага рэцэпту сыходзяць вельмі далёка ў глыб стагоддзяў. Традыцыйна сем’і ў вёсках былі вялікія. Працавалі шмат і цяжка і есці адпаведна для гэтага трэба было шмат і сытна. Часу на гатаванне некалькіх страў у гаспадынь не заўсёды хапала. Вось і прыдумалі такую страву – і першае, і другое, і сытна, і часу на гатаванне затрачваецца мала. Да таго ж і сур’ёзная эканомія такіх дэфіцытных прадуктаў, як каўбаска і рыба. Паасобку і таго і іншага, каб наесціся, трэба многа, а тут – кожнаму па невялікім кавалачку і ўсе сытыя.
Дзе пакаштаваць
Аграсядзіба “Купалінка”
Цапук Анатоль
+375 (29) 222-23-60
u-kupalinka@mail.ru
Брэсцкая вобл., Кобрынскі р-н, в. Кляшчы, вул. Цэнтральная, д. 1
Каментары