"Смачная карта Міншчыны": судак па-вілейску

 

"Мінская праўда" пакрысе складае "Смачную карту Міншчыны" - падбірае для кожнага з раёнаў вобласці некалькі найбольш тыповых страў. Вілейскі раён прадстаўлены, у прыватнасці, судаком - гордасцю Вілейскага вадасховішча, якога тут гатуюць адмысловым спосабам.

Калі запытацца ў жыхароў Вілейшчыны, якая страва мусіць быць сімвалам іх раёна, большасць згадаюць якісьці «рыбны» рэцэпт. А дакладней, страву з судака. Рыба гэтая тут настолькі папулярная, што ў райцэнтры ўжо каторы год запар ладзіцца Дзень судака. З даўніх часоў людзей у гэтых мясцінах карміла рака Вілія.

Які спосаб прыгатавання судака варта лічыць «самым вілейскім»? Сваімі разважаннямі падзяліўся мясцовы жыхар Міхась Міхалевіч — краязнаўца, спецыяліст па частцы рыбацкіх традыцый, аўтар кнігі «Пра Вяллю, рыбу і рыбалку». Міхась Міхайлавіч зрабіў велізарную працу, апытаўшы жыхароў вёсак уздоўж Віліі: якая рыба з ракі самая смачная, як і чым яе лавілі.

Міхась Міхалевіч прэзентуе рэцэпт юшкі з судака па-вілейску, што грунтуецца на традыцыях старажытнай літвінскай кухні.

Спатрэбіцца судак (можна два і больш), не менш чым за паўкілі, для прыгатавання клёцак. Для навару пажадана кіля жывых яршоў і кіля акунькоў, два сырыя яйкі, 100 г мукі ці манкі, 1–2 цыбуліны, галоўка часнаку, сухі баравік, перац духмяны (можна чорны), кроп, лаўровы ліст.

Увага! Іншыя сарты рыбы, бульба, морква ў такой юшцы непажаданыя!

Прыгатаванне:

У саган наліваем два літры вады і запускаем жывых джгірыкаў (ёршыкаў) на 20 хвілін — яны пусцяць вязкае рэчыва. Яршоў вымаем, ваду пакідаем у сагане.

Патрашым судакоў, адразаем галовы, плаўнікі, луску не чысцім. Патрашым акунькоў, луску таксама не чысцім. Яршоў не чысцім і не патрашым. Але жабры выдаляем усёй рыбе.

Робім булён. Даліваем у саган вады больш за яго палову. Апускаем у металічным друшляку (ці ў марлі) галовы, хрыбты, плаўнікі судака, а таксама джгіроў і акунёў так, каб рыба цалкам была ў вадзе. Варым 20–30 хвілін на вялікім агні. Затым усё дастаём, дабаўляем у булён толькі соль і перамолаты сухі баравік.

Рыбны фарш для клёцак. Заўвага: калі юшка робіцца на кухні, а не ля вогнішча, можна адразу аддзяліць філе судака, перакруціць на мясарубцы разам з цыбуляй і часнаком. Дабавіць туды мукі (ці пару лыжак манкі), сырое яйка (пажадана толькі бялок), пасаліць-папер­чыць, паставіць фарш у халадзільнік на паўгадзіны.

Калі ж гатуеце на беразе вадаёма, тады вялікія кавалкі патрошанага судака варацца разам з дробнай рыбай толькі 5 хвілін. Відэльцам мяса лёгка аддзяляецца ад косці, размінацца ў місе і перамешваецца з дробна пакрышанай цыбуляй і часнаком, манкай ці мукой. Дабаўляем соль і пакідаем у халодным месцы ў марлі (друшляку), каб сцякла лішняя вадкасць, а мука ці манка разбракла. Хрыбет і плаўнікі зноў ідуць у саган для навару.

Фармуем клёцкі памерам крыху больш за грэцкі арэх. Апускаем іх у булён, варым 10 хвілін на малым агні. Напрыканцы дадаём перац, лаўровы ліст. Юшка з клёцкамі гатова. Смачна есці!

Па матэрыялах www.mlyn.by

 

 

Belarusian Association Country Escape
Belarus, Minsk, vulica Dunina-Marcinkieviča, 6
E-mail: info@ruralbelarus.by
Website: www.ruralbelarus.by
Other Projects
Greenways.by
Volozhin4all.by

This website was updated and maintained with the financial support of the European Union in the frame of Project Nr. ENI-LLB-1-016 "Preservation and Promotion of Culinary Heritage and Traditional Skills" (BELLA CULTURE).
Its contents are the sole responsibility of Belarusian Association of Rural and Ecotourism "Country Escape" and do not necessarily reflect the views of the European Union.