Да Макея на свежыну

Да фермера Міхаіла МАКЕЯ, які гаспадарыць на зэльвенскай зямлі, зранку збіраліся госці. Фермерская гаспадарка Макея налічвае 120 гектараў. Вырошчвае гародніну, збожжавыя, трымае вялікую гаспадарку — курэй, індыкоў, свіней, авечак. У тый жа час сям'я Макей — сапраўдная захавальніца традыцый і стварае ўнікальны турпрадукт.

Падзея ў аграсядзібе “Верас”, што належыць сям'і Макей, адбывалася незвычайная, ператвораная ў свята, галоўнае дзейства якога — разбіранне парсюка.

З раніцы паліцца печ, грэецца вада. Зрэшты, свіней калолі на поўню ці ў апошнюю квадру месяца. Макей увайшоў, што называецца, у вобраз прасцецкага вясковага Міхася, зусім не падобны да яго самога. Гаспадары на драўляных дошчачках выносілі сала, каб госці з’елі апошні кавалак і потым пасалілі свежае.

Прылюдны рытуал асвежавання — не выдумка зэльвенцаў. У чэшскіх рэстаранах, напрыклад, і цяпер запрашаюць на “вепржове ходы”, тым самым прыцягваючы ўвагу да сваёй харчэўні. Калісьці польскія рэстаратары на тэрыторыі Заходняй Беларусі таксама прымянялі гэты маркетынгавы ход.

Паслядоўнасць аперацый — залог бялюткага сала і чыстага мяса. У кожнай вёсцы ёсць свае адмысловыя майстры гэтай справы, якіх запрашаюць, калі надыходзіць пара свежыны, ледзь не ў кожны дом. Гэты рытуал нават збіраюцца ўнесці ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны, бо традыцыя губляецца на вачах. Каля комплексаў і ферм забаронена трымаць свіней, таму спрадвечныя навыкі ўжо не патрэбныя, ніхто са старэйшых не вучыць дзяцей разбіраць парсюка.

Калолі свінню талакою — кум, дарослы сын, муж сястры, раней жа ўсе разам жылі. Калолі па чарзе ў радні, і праз месяц кожны родзіч зноў меў свежую скварку і каўбасы, якімі частавалі сваякі, успамінае Ірына Макей: “Таму калі шмат раздаеш, шмат і вяртаецца”. Аднак мясныя стравы — зусім не паўсядзённая ежа беларусаў.

Абавязкова была капуста ў розных відах — шыткаванка, квашаная цэлымі галоўкамі, агуркі. Нядаўна сям'я Макей дастала з возера адну бочку з саленнямі. У возеры да вясны ляжаць яшчэ чатыры такія. Кроп, часнык, хрэн, дубовы і парэчкавы ліст робяць агуркі духмянымі і хрусткімі.

Прэс-тур “Свежына ў Міхася” прайшоў 27-28 студзеня па зялёным маршруце згодна з праектам “Зэльвенскі дыярыуш: узмацненне партнёрства, развіцця крэатыўных ініцыятыў і адраджэння спадчыны”, які фінансуецца пасольствам ЗША ў Беларусі.

Па матэрыялах sb.by, ruralbelarus.by