Гастранамічныя прывіды

Аб прывідах

Ёсць у Беларусі такія месцы, дзе дагэтуль, калі пільна прыслухацца ў цішыні, гучаць галасы даўно памерлых людзей, няўлоўна разносяцца ў паветры забытыя пахі, бурболяць у прывідных гаршках стравы-прывіды. Тыя, якія мы мусілі б захаваць і якімі мусілі б ганарыцца. Смаргонскія абаранкі, грыбны квас ды іншае смакоцце, якое на працягу многіх стагоддзяў не толькі лашчыла языкі і нёбы нашых продкаў, але і абуджала іх калектыўную годнасць, перадавалася з пакалення ў пакаленне, занатоўвалася славутымі пісьменнікамі і мастакамі. У сацыяльных катаклізмах ХХ ст. мы ўсё гэта згубілі. Але прывіды даўнейшых кухараў, пекараў, паннаў аптэчковых - дагэтуль цярпліва чакаюць, каб перадаць цікаўным і чуллівым свае сакрэты, каб працягвалася далей гучная слава тых мястэчак і гарадоў, якім яны з поўным правам належаць - але пакуль так і не запатрабаваныя.

Жадаем Вам прыемнага знаёмства з гастранамічнымі прывідамі нашай краіны!

Абаранкі "смаргонскія"

22.05.2020

Смаргонь калісьці славілася сваімі абаранкамі. Для іх выпечкі рабілі спецыяльныя печы. Абараначніцы пяклі вялікія і маленькія абаранкі, з макам і без яго. Прадаваліся смаргонскія абаранкі не толькі на мясцовых рынках, але і ў Вільні, у Польшчы - на ўсіх прасторах ВКЛ ведалі выдатныя смаргонскія абаранкі. Садзейнічалі рэкламе смаргонскіх абаранкаў і цыганы, які гастралявалі па краінах Еўропы з дрэсіраванымі мядзведзямі.

Грыбны квас (суп)

22.05.2020

Яшчэ адна з амаль страчаных страваў беларуска-літоўскай кухні, некалі шырока распаўсюджаная, — грыбны квас. Гэта не напой, не пітны квас з грыбоў, як сёй-той можа падумаць, а суп — кіслага і вострага смаку, абавязкова з грыбамі, як правіла, посны, але і ў гэтай стравы ёсць (ці, прынамсі, было) шмат розных варыяцый, свой “мікракосмас”, чалавеку сённяшняму шмат у чым ужо малазразумелы.

Збуражскія грачанікі

22.05.2020

Збуражскія грачанікі — бліны з грэчневай мукі, а таксама грачаная бабка — хлеб з гэтай мукі — мясцовая славутасць, амаль ці не галоўны брэнд вёскі Збураж Маларыцкага раёна. Тут бабку і грачанікі пякуць у кожнай другой хаце. Тая гаспадыня лічыцца рупнай і сапраўднай, якая гасцей сустракае бабкай з уласнай печы. Вядома ж, лепшымі пекарамі застаюцца збуражскія пенсіянеркі. Яны навучыліся гэтаму майстэрству ад матуль і бабуль. Цікава, што кожная гаспадыня мае свой адмысловы рэцэпт грачанага хлеба.

Літоўскі сыр

22.05.2020

Папулярнасць літоўскага сыру зафіксаваў у сваім допісе з Вільні ў Санкт-Пецярбургскім тыднёвіку “Край” ад 18 верасня 1888 года Францішак Багушэвіч: "Сёлетняя «Прамыслова-сельскагаспадарчая выстава» знаёміць з 270 экспанатамі, з якіх… малочных прадуктаў 8 (пераважна сыр, так званы літоўскі, які 29 гадоў таму пачала вырабляць у Гарадзеі Брахоцкая)". Калі адлічыць ад 1888 г. 29 гадоў, атрымліваем дату пачатку традыцыі літоўскага сычужнага сыраварства: 1859 год.

Мірскія пернікі

22.05.2020

Гэты духмяны ласунак мае доўгую гісторыю і статус нацыянальнага для многіх еўрапейскіх краін. Займаліся вырабам пернікаў і ў Беларусі — пераважна ў гарадах і мястэчках. Пернікі пяклі ў Воршы, Копысі, Дуброўне, Менску, на кірмашах карысталіся попытам мірскія пернікі ў выглядзе салдацікаў. Для пернікаў выкарыстоўвалі лепшую муку, мёд і, вядома, спэцыі — карыцу, імбір, гваздзіку, лімонную і апельсінавую цэдру. Пасля выпечкі пернікі розных формаў глязуравалі, аздаблялі каляровым крэмам і харчовымі фарбавальнікамі. Часта атрымлівалася такая прыгажосць, якую шкада было есці.

Агурочнік (расліна)

23.04.2020

Гэтая шматгадовая травяністая расліна, густа пакрытая шорсткімі валаскамі, робіць уражанне злоснага пустазелля. Ад гэтых валаскоў паходзіць яе навуковая лацінская назва — Borago offіcіnalіs, бо burra на лаціне — «шорсткія валасы» або «шчацінне». Часам па-беларуску або па-руску яе называюць «бурачнік», хоць з буракамі яна не мае нічога агульнага, гэта толькі трошкі перайначаная навуковая назва. А найбольш пашыраная назва — агурочнік, агурочная трава. Ад лісця ідзе даволі моцны водар агурка, ды і смакам гэтая расліна нагадвае агурок з ноткамі цыбулі.

Дзісненскае масла

23.04.2020

Дзісненскае масла — гатунак сметанковага масла, які вырабляўся сялянскім арцелямі Дзісенскага павета Віленскай губерні на пачатку XX ст. і пастаўляўся ў буйныя прамысловыя цэнтры Расійскай імперыі, а таксама на экспарт.