Мірскія пернікі

Гэты духмяны ласунак мае доўгую гісторыю і статус нацыянальнага для многіх еўрапейскіх краін. Займаліся вырабам пернікаў і ў Беларусі — пераважна ў гарадах і мястэчках. Пернікі пяклі ў Воршы, Копысі, Дуброўне, Менску, на кірмашах карысталіся попытам мірскія пернікі ў выглядзе салдацікаў. Для пернікаў выкарыстоўвалі лепшую муку, мёд і, вядома, спэцыі — карыцу, імбір, гваздзіку, лімонную і апельсінавую цэдру. Пасля выпечкі пернікі розных формаў глязуравалі, аздаблялі каляровым крэмам і харчовымі фарбавальнікамі. Часта атрымлівалася такая прыгажосць, якую шкада было есці. Нездарма пернікарства прылічаюць да народных мастацкіх промыслаў.

Найбольш старажытны спосаб фармоўкі пернікаў — друкаваны. Каб атрымаць на ласунку фігурны ўзор карысталіся адмысловай драўлянай формай, дзе ў тэхніцы контрарэльефу выразалі патрэбную фігуру. Зрабіць аўтарскі пернік такім чынам з загадзя прыгатаванага цеста прапануюць у Музеі перніка ў польскім Торуні — ласункі пякуцца, пакуль наведвальнікі знаёмяцца з экспазыцыяй. Напрыканцы экскурсіі кожны атрымлівае ў падарунак свой выраб, які, на жаль, можна выкарыстоўваць толькі як сувэнір. Ядомыя ж тарунскія пернікі прадаюцца ў любой краме гораду. На пачатку ХХ стагоддзя для прыгатавання пернікаў пекары пачынаюць ужываць абразную тэхніку — фігурку на плоска раскачаным кавалку цеста выразалі бляшанымі штампамі з вострымі краямі, а гатовыя пернікі аздаблялі. Фармавалі пернікі і ад рукі, аднак працэс гэты быў досыць марудным і працаёмкім.

Промысел беларускіх пернікаў заняпаў у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Цяпер з узнікненнем прыватных пернікавых майстэрань пернікарства пачынае адраджацца. Праект pernik.by вырабляе смачныя і прыгожыя пернікі з натуральных інгрэдыентаў з любой нагоды і на любы смак. Каб пакаштаваць духмяныя пернікі і лёгкі зэфір варта зазірнуць у штукарскую пякарню і цукерню Žorny, гаспадары якой зберагаюць і развіваюць беларускую кулінарную традыцыю. Выпякаюць пернікі ўручную і асобныя майстры. У масавым маштабе вырабам пернікаў займаюцца на хлебных заводах. Адзін з буйных вытворцаў — маладзечанская «Конфа». У асартымэнце фабрыкі звыш 20 гатункаў класічных заварных пернікаў, а таксама ласункаў з дадаваньнем арэхаў, мёду, курагі, чарнасліву.

Каментары

Беларускае грамадскае аб'яднанне Адпачынак у вёсцы
Беларусь, Мінск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 6
E-mail: info@ruralbelarus.by
Вэб-сайт: www.ruralbelarus.by
Кантактныя тэлефоны
(+375 17) 318-04-65
(+375 17) 319-01-74
(+375 44) 590-19-10
Іншыя праекты
Greenways.by
Volozhin4all.by

Гэты вэб-сайт мадэрнізаваны і падтрымліваецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў рамках праекта Nr. ENI-LLB-1-016 «Захаванне і садзейнічанне прасоўванню кулінарнай спадчыны і традыцыйных рамёстваў» (BELLA CULTURE).
Яго змест з'яўляецца выключнай адказнасцю Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» і не з'яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.