«Калядкі» у палескіх традыцыях

8 студзеня 2018 года ў аграсядзібе «Палескія традыцыі», у сёмы раз, традыцыйна, адзначаліся «Калядкі». На свята прыехалі многія гаспадары суседніх сядзібаў, турысты, мясцовыя жыхары. Першае, што ўбачылі госці аграсядзібы, - прыгожа апранутая група людзей з высока паднятай каляднай зоркай і гармонікам. Яны паважна падыходзілі да сядзібы і сустракалі гасцей ўрачыстым спевам. Відовішча вельмі рэдкае і прыгожае. Гэта быў народны калектыў «Хаціславяне» ў касцюмах Маларыцкага строю, тканых вопратках народнага майстра Сцепаніды Сцепанюк. Гэтыя артысты - сапраўдныя збіральнікі, захавальнікі і выканаўцы калядных песень і віншаванняў.

Нацыянальныя касцюмы, калядныя абрады і песні, традыцыйныя стравы беларускай кухні, прыгатаваныя ў печы, - усё ў гэты дзень здзіўляла. Сярод страў былі прадстаўлены рэгіянальныя дэлікатэсы: калядная куцця; пшанічная каша са скваркамі з печы; традыцыйны хатні хлеб з насеннем лёну, сланечніка; мясная нарэзка (хатняя каўбаса, бужаніна, бачок) - усё прыгатавана ў печы і падаецца з хрэнам; квашаніна з трох відаў мяса - усё хатняе (свініна, ялавічына, курыца); «карысная талерка» з хатняй квашанай гароднінай (капуста, агуркі); тушаныя рабрынкі з печы, хатнія каўбаскі з печы, галубцы з трох відаў мяса (свініна, ялавічына, курыца), абсмаленыя і тушаныя ў печы; грыбы, тушаныя са смятанай у збаночках; клёцкі традыцыйныя; прасяная каша с гарбузом і сліўкамі; аўсяны кісель з малінавым сіропам і марозівам; печаныя яблыкі з сухафруктамі, мёдам і кунжутам і інш.

Усе стравы - унікальныя. Гаспадыня Ніна Мікіцічна Главацкая гатовая падзяліцца рэцэптамі. Дзякуючы такім людзям, як Ніна, некаторыя беларускія звычаі і абрады не перайшлі ў разрад гісторыі, а ўсё яшчэ жывуць, гарманічна ўпісваючыся ў сучасную рэальнасць. Ёсць і іншыя гаспадары аграсядзібаў і фермеры, якія з'яўляюцца носьбітамі беларускіх традыцый і побыту - усяго таго, чым па праву можа ганарыцца нашая беларуская зямля. Шчыра спадзяемся, што такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй у аграэкатурызме Беларусі.

Каментары