Кулінарная карта "Гасцінія" – па-сапраўднаму народны праект. Ён быў падтрыманы грамадзянамі нашай краіны, якія на добраахвотнай аснове сталі яго спонсарамі і пералічылі грошы праз краўдфандынгавую платформу Ulej.by. Гэтая карта пакуль невядомая GPS-навігатарам, але, спадзяёмся, спадабаецца гурманам. Нашу карту мы хацелі зрабіць як мага больш "чалавечнай", набліжанай да народа. Яна змяшчае не толькі рэцэпты, але і імёны людзей, якія ўсё гэта ўмеюць гатаваць і з радасцю пачастуюць вас . А як інакш можна навучыцца гатаваць страву, калі ты яе ніколі не спрабаваў? Цяпер не трэба ламаць галаву ў пошуках месцаў, дзе можна пакаштаваць сапраўдную беларускую кухню.

Задача праекта – зламаць стэрэатып "Беларусь – гэта драніклэнд". Мы – краіна з багатай кулінарнай спадчынай, якая захавалася толькі ў глыбінцы і пра якую хочацца расказаць усім .

У нашых планах – стварыць электронную версію карты www.gastinia.by, якая будзе пастаянна папаўняцца новай інфармацыяй. Да карты будзе ісці дадатак з рэцэптамі, якіх ужо больш за 200 Спадзяёмся, што наша карта будзе цікавай і жыхарам Беларусі, і турыстам, бо для 30% падарожнікаў ежа – гэта асноўная матывацыя для наведвання іншай краіны. Мы ж запрашаем вас у вёску. Толькі там – усё самае сапраўднае і самаробная: паляндвіца не горшая за хамон, клёцкі з "душамі" не горшыя за цэпеліны, а хатняя гарэлка лепшая за Абсалют. Смакуйце!

Мы выказваем вялікую падзяку за кансультатыўную дапамогу эксперту ў галіне кулінарнай спадчыны Алесю Беламу і ўстанове  “Мова Нанова” за лінгвістычную падтрымку. 

Таксама  нельга забываць пра дапамогу ў працы над сайтам студэнтаў і магістрантаў БДУ Алены Ветравай, Дар’і Пукась, Ягора Буяноўскаму, Алісы Акіф’евай, Мікалая Ханіну, Алены Касцючык, Красціны Ржэўскай, Сафіі Жывалкоўскай, Анастасіі Плоцкай, Кацярыны Свірінай, Валерыі Райко у рамках дзейнасці філіяла кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ на базе БГА “Адпачынак у вёсцы”.   

 

Валерыя Кліцунова, 

Старшыня праўлення беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы".