Ці заслугоўвае помніка, дый яшчэ ў цэнтры сучаснага беларускага гораду, звычайныя агурок, вішня або яблык? А банка згушчонага малака? Гэта як паглядзець. Калі гэтыя звычайныя прадукты адыгралі незвычайную ролю ў жыцці адпаведнага мястэчка, як тая ж згушчонка ў Рагачове або агурок у Шклове, калі яны маюць неаспрэчныя заслугі ў фармаванні дабрабыту мясцовых жыхароў, нават, у пэўным сэнсе, cфармавалі іх калектыўную псіхалогію,  лакальную ідэнтычнасць - дык чаму не? Большасць "граданачальнікаў" прыходзяць і сыходзяць, не пакідаючы ў памяці добрага следу, а тыя сімвалічныя прадметы, у якіх канцэнтруецца праца многіх пакаленняў і праз якія гарады і рэгіёны пазнаюцца ў навакольным свеце, пэўне ж, заслугоўваюць ушанавання. Сайт Гасцінія  - старанна сабраў для Вас у адным месцы беларускія помнікі ежы - не проста ежы, канешне, але мясцовай ідэнтнычнасці, сімвалічна сканцэнтраванай у вонкава непрыкметных штодзённых прадуктах. Думаем, пра існаванне многіх з іх Вы нават не здагадваліся. А можа быць, мы нешта прапусцілі? Калі ведаеце ў Беларусі іншыя падобныя помнікі, дасылайце інфармацыю нам.