Пяцёрку самых папулярных у жыхароў Беларусі страў і прадуктаў назваў Алесь Белы, аўтар кнігі «Беларуская кухня. Гастранамічны даведнік» на аўтограф-сесіі, прысвечанай выхаду выдання ў свет.

Алесь Белы - гісторык, уладальнік сядзібы «Марцінова гусь» - займаецца тэмай беларускай гастраноміі ўжо дваццаць гадоў. З-пад яго пяра выйшлі такія кнігі, як «Наша страва», «Сакатала бочачка», «Літвінская кухня. Байкі Кухмістра Верашчакі », і мноства артыкулаў у розных друкаваных выданнях.

- Па-першае, сёння змянілася пакаленне, і маладыя людзі ўжо не памыляюцца, як іх бацькі, думаючы пра беларускую кухню як пра нявытанчаную і занадта вясковую. Па-другое, з'яўляецца ўсё больш рэстаранаў, дзе гатуюць і падаюць нацыянальныя стравы. Па-трэцяе, мы ўсё больш пачынаем шанаваць не толькі саму кухню, але і ўнікальныя арганічныя прадукты.

На думку Алеся Белага, самымі топавымі стравамі і прадуктамі, якія можна паспрабаваць літаральна ў кожным рэстаране, кафэ, сталовай, на аграсядзібе, спытаць у любой краме, з'яўляюцца дранікі, мачанка, клёцкі з душамі, журавіны і яблыкі.

Сёння гастранамічны турызм ва ўсім свеце становіцца адным з найбольш папулярных кірункаў. І першае, пра што пытаюцца чалавека, які вярнуўся з той ці іншай краіны: «Што ты там смачнага паспрабаваў?» Спадзяемся, што новы гастранамічны даведнік дапаможа зарыентавацца гасцям Беларусі, і яны ў адказ на гэтае пытанне змогуць распавесці пра кулінарныя разнастайнасці кухні нашай краіны.

 

Па матэрыялах www.planetabelarus.by