Ёсць у Беларусі такія месцы, дзе дагэтуль, калі пільна прыслухацца ў цішыні, гучаць галасы даўно памерлых людзей, няўлоўна разносяцца ў паветры забытыя пахі, бурболяць у прывідных гаршках стравы-прывіды. Тыя, якія мы мусілі б захаваць і якімі мусілі б ганарыцца. Смаргонскія абаранкі, грыбны квас ды іншае смакоцце, якое на працягу многіх стагоддзяў не толькі лашчыла языкі і нёбы нашых продкаў, але і абуджала іх калектыўную годнасць, перадавалася з пакалення ў пакаленне, занатоўвалася славутымі пісьменнікамі і мастакамі. У сацыяльных катаклізмах ХХ ст. мы ўсё гэта згубілі. Але прывіды даўнейшых кухараў, пекараў, паннаў аптэчковых - дагэтуль цярпліва чакаюць, каб перадаць цікаўным і чуллівым свае сакрэты, каб працягвалася далей гучная слава тых мястэчак і гарадоў, якім яны з поўным правам належаць - але пакуль так і не запатрабаваныя.

Жадаем Вам прыемнага знаёмства з гастранамічнымі прывідамі нашай краіны!