Гэты духмяны ласунак мае доўгую гісторыю і статус нацыянальнага для многіх эўрапейскіх краінаў. Займаліся пернікарствам і ў Беларусі — пераважна ў гарадах і мястэчках. Пернікі пяклі ў Воршы, Копысі, Дуброўне, Менску, на кірмашах карысталіся попытам мірскія пернікі ў выглядзе салдацікаў. На пернікі выдаткоўвалі лепшую муку, мёд і, вядома, спэцы — карыцу, імбір, гвазьдзіку, лімонную і апэльсінавую цэдру. Пасьля выпечкі пернікі розных формаў глязуравалі, аздаблялі каляровым крэмам і харчовымі фарбавальнікамі. Часта атрымлівалася такая прыгажосьць, якую шкада было есьці. Нездарма пернікарства залічваюць да народных мастацкіх промыслаў.

Найбольш старажытны спосаб фармоўкі пернікаў — друкаваны. Каб атрымаць на ласунку фігурны ўзор, карысталіся адмысловай драўлянай формай, дзе ў тэхніцы контрарэльефу выразалі патрэбную фігуру. Зрабіць аўтарскі пернік такім чынам з загадзя прыгатаванага цеста прапануюць у музэі перніка ў польскім Торуні — ласункі пякуцца, пакуль наведвальнікі знаёмяцца з экспазыцыяй. Напрыканцы экскурсіі кожны атрымлівае ў падарунак свой выраб, які, на жаль, можна выкарыстоўваць толькі як сувэнір. Ядомыя ж тарунскія пернікі прадаюцца ў любой краме гораду. На пачатку ХХ стагодзьдзя для прыгатаваньня пернікаў пекары пачынаюць ужываць абразную тэхніку — фігурку на плоска раскачаным кавалку цеста выразалі бляшанымі штампамі з вострымі краямі, а гатовыя пернікі аздаблялі. Фармавалі пернікі і ад рукі, аднак працэс гэты быў досыць марудным і працаёмкім.

Промысел беларускіх пернікаў заняпаў у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Цяпер з узьнікненьнем прыватных пернікавых майстэрань пернікарства пачынае адраджацца. Праект pernik.by вырабляе смачныя і прыгожыя пернікі з натуральных інгрэдыентаў з любой нагоды і на любы смак. Каб пакаштаваць духмяныя пернікі і лёгкі зэфір, варта зазірнуць у штукарскую пякарню і цукерню Žorny, гаспадары якой зьберагаюць і разьвіваюць беларускую кулінарную традыцыю. Выпякаюць пернікі ўручную і асобныя майстры. У масавым маштабе вырабам пернікаў займаюцца на хлебных заводах. Адзін з буйных вытворцаў — маладзечанская «Конфа». У асартымэнце фабрыкі звыш 20 гатункаў клясычных заварных пернікаў, а таксама ласункаў з дадаваньнем арэхаў, мёду, курагі, чарнасьліву.