Літоўскі сыр

Папулярнасць літоўскага сыру зафіксаваў у сваім допісе з Вільні ў Санкт-Пецярбургскім тыднёвіку “Край” ад 18 верасня 1888 года Францішак Багушэвіч: "Сёлетняя «Прамыслова-сельскагаспадарчая выстава» знаёміць з 270 экспанатамі, з якіх… малочных прадуктаў 8 (пераважна сыр, так званы літоўскі, які 29 гадоў таму пачала вырабляць у Гарадзеі Брахоцкая)". Калі адлічыць ад 1888 г. 29 гадоў, атрымліваем дату пачатку традыцыі літоўскага сычужнага сыраварства: 1859 год. Атрымліваецца, што сёстры Брахоцкія заняліся сыраварствам адразу пасля смерці бацькі ў 1858 годзе. Ускосна гэта пацвярджаецца данясеннем афіцэра расійскага генеральнага штабу І. Зяленскага, які ў 1864 годзе пісаў: "На ўтрыманне і развядзенне кароў у памешчыкаў звяртаецца шмат увагі, асабліва ў Навагрудскім, Слуцкім і Пінскім паветах. У першым з іх, а менавіта ў маёнтках графа Храптовіча (Шчорсы) і памешчыка Брахоцкага (Гарадзея) вырабляецца выдатны сыр, які прадаецца ў гарадах па 20 кап. за фунт. Сыр Брахоцкага вядомы сваімі выдатнымі якасцямі нават у Вільні."

Як сведчыць інфармацыя Багушэвіча, з Менскай губерні мода на вытворчасць літоўскага сыра перакінулася на Віленскую – менавіта так, а не наадварот! Гэта, канешне, прыемна чуць прыхільнікам нашага нягеглага ліцьвінізма, але насамрэч сувязі з міфічнымі “славянамоўнымі ліцьвінамі Вітаўта” тут няма ніякай. Зрэшты, ёсць нейкая заканамернасць і гістарычная логіка ў тым, што менавіта Наваградчына – край Рэйтана і Касцюшкі, Міцкевіча і Сыракомлі першай у даўняй гістарычнай Літве ўкараніла ў сябе новую для нашага краю тэхналогію. Так паступова, праз дастасаванне вытворчасці да тутэйшых кліматычных умоў і мікрабіялагічных асаблівасцяў паўстаў новы гатунак сыру, якім мы маглі б з поўным правам ганарыцца, але… Літоўскага сыру больш няма, і мы ганарымся іншымі рэчамі.

Выраб літоўскіх сыроў ніколі не быў «народным промыслам» — сыраварства на еўрапейскі кшталт было занадта складаным тэхналагічна не толькі для парэформавага селяніна, але і для старасвецкага шляхціча. Новыя сыры вырабляліся толькі прафесійнымі (ці паўпрафесійнымі) сыраварамі і прызначаліся выключна на збыт. Называючы іх літоўскімі, пакупнікі ў далёкіх сталіцах ці не ведалі, што яны паходзяць з Заходняй Беларусі, ці не бачылі розніцы паміж ёю і этнічнай Літвой – у часы росквіту літоўскага сыраробства назва Беларусь яшчэ не распаўсюдзілася трывала так далёка на захад. Пазней, у 1930-х гг., Ян Лічнерскі напіша:

Утварыўся пэўны тып сыра, які адрозніваўся ад эдамскага і якому нельга было адмовіць у пэўных самабытных рысах. Форма была шаравая ці бочкападобная, вага каля 2 кг; скарынка утрыманая вільготна, пакрытая маззю; мякаць здаровых сыроў сочная, смакам нагадвала рачэй сыры гаўда, чым эдамскі, эластычная, з нешматлікімі дзіркамі памерам з гарох. Дазраваў хутчэй, чым эдамскія сыры, таму што быў выраблены з тлустага тамтэйшага малака (больш за 3.8 % тлустасці), а не з рэдкага, як пазней увайшло ў звычай. 

Каментары