Спартсменам прапануюць бургер-дранікі

Удзельнікі Гульняў-2019 змогуць наведваць сталовую з нацыянальнай кухняй.

Беларускі бок імкнецца прыняць усе магчымыя меры, каб харчаванне на ІІ Еўрапейскіх гульнях было на годным узроўні, пра гэта расказала начальнік упраўлення па арганізацыі харчавання фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Юлія КРАЎЧАНКА.

Арганізацыя харчавання для ўдзельнікаў Гульняў пачнецца з 15 чэрвеня і будзе працягвацца да 3 ліпеня. Прымаючы бок павінен забяспечыць харчаваннем 4 тысячы спартсменаў і 2 тысячы афіцыйных прадстаўнікоў камандаў у рэжыме нон-стоп, гэта значыць штодня кругласутачна арганізоўваць харчаванне ў фармаце шведскага стала непасрэдна ў Вёсцы спартсменаў і ў месцах правядзення спаборніцтваў.

У асноўнай сталовай для ўдзельнікаў Гульняў будзе прадстаўлена азіяцкая, еўрапейская кухні, грыль-меню і лінія піцы і пасты. Абавязковым патрабаваннем з боку НАКаў краін-удзельніц з'яўляецца канфесійнае харчаванне (халяль і кашэр), а таксама вегетарыянскія і дыетычныя стравы. Калі казаць больш дэталёва, то фактычна ў дзень на выбар будуць прапаноўвацца парадку 250—270 страў, а ратацыя меню будзе сямідзённай.

У Вёсцы спартсменаў таксама размесціцца сталовая з меню нацыянальнай кухні на 130 пасадачных месцаў, яна будзе працаваць штодня з 12.00 да 23.00. Спартсмены змогуць наведваць яе па жаданні без якіх-небудзь абмежаванняў. Юлія Краўчанка расказала, што, акрамя традыцыйных дранікаў, мачанкі, бабкі, там будуць падаваць нават спецыфічныя стравы. Напрыклад, бургер-дранікі з селядцом ці бургер-дранікі з курыцай. Акрамя таго, сталовая будзе аформлена ў нацыянальным стылі, а многія яе работнікі будуць насіць нацыянальныя касцюмы.

Па матэрыялах газеты «Звязда»